Злы князь (Андэрсен)
Дзяленне на раздзелы — умоўнае.
Бязмежныя заваёвы і фанабэрыя князя
Жыў-быў злы, фанабэрлівы князь. Ён толькі і думаў пра тое, як бы пакарыць сабе ўвесь свет, на ўсіх нагнаць страху адным сваім імем.
Ён ішоў у чужыя землі з агнём і мячом, яго воіны тапталі нівы і палілі сялянскія хаты. Чырвоныя языкі агню лізалі лісце на дрэвах, а плады падсмажваліся на абвугленых галінах. Бедныя маці хаваліся з голенькімі немаўлятамі за дымячымі сценамі, але ваяры знаходзілі іх, і пачыналася д'ябальская забава.
Злыя духі не маглі рабіць горш. Але князю здавалася, быццам справы ішлі як мае быць. Дзень пры дні расла князева магутнасць, імя ягонае наводзіла жах на ўсіх.
З пакораных гарадоў ён вывозіў золата і багатыя скарбы, у сталіцы ягонай накапіліся незлічоныя багацці. Ён загадаў будаваць цудоўныя палацы, цэрквы і аркі. Палонных каралёў ён прыкоўваў залатымі ланцугамі да сваёй калясніцы і прымушаў ляжаць пры яго нагах, кідаючы ім кавалкі хлеба.
Першая спроба скарыць неба: паветраны карабель і кара Божая
Князь загадаў узвесці сабе статуі на плошчах і ў палацах, хацеў паставіць іх і ў храмах перад алтаром Госпада. Але святары сказалі яму:
Князь, ты вялікі, але Бог вышэй за цябе, мы не асмельваемся зрабіць гэта. - Добра! - сказаў злы князь. - Тады я скару і Бога!
Аслеплены шалёнай фанабэрыяй, ён загадаў будаваць дзівосны карабель, на якім можна было гойсаць у паветры. Карабель быў размаляваны рознымі фарбамі і нагадваў паўлінаў хвост, усеяны тысячамі вочак, але кожнае вочка было руляй стрэльбы. Сто магутных арлоў былі запрэжаны ў карабель, і вось ён узвіўся ў паветра, да сонца.
Бог паслаў аднаго са сваіх анёлаў, але злы князь сустрэў яго залпам са стрэльбаў. Кулі адскочылі ад бліскучых крылаў анёла, як градзінкі.
Падрыхтоўка да новай атакі: сем гадоў будаўніцтва і сталёвыя маланкі
Толькі адна-адзіная кропелька крыві выцекла з беласнежнага крыла і ўпала на карабель... Яна глыбока ўелася ў дрэва і націснула на дно карабля са страшэннай сілай.
Карабель паляцеў уніз з неверагоднай хуткасцю, магутныя крылы арлоў пераламіліся, вецер свістаў у вушах князя. Аблокі, што сабраліся з дыму ад спаленых гарадоў, прымалі пачварныя формы велізарных ракаў і драконаў. Князь ляжаў на дне карабля напаўмёртвы ад страху. Нарэшце карабель засеў у густым вецці лясных дрэў.
Я адолею Бога! - сказаў князь. - Я даў сабе клятву адолець яго, і быць па тым! - І ён загадаў пабудаваць новы карабель; будавалі яго сем гадоў.
Загадаў ён таксама каваць маланкі з найцвярдзейшае сталі, каб узяць цвярдыню неба прыступам, і сабраў ваяроў з усіх канцоў сваёй дзяржавы. Войскі пакрылі прастору ў некалькі квадратовых міляў.
Напад камароў і ганебнае паражэнне
Ваяры гатовыя былі сесці на караблі, князь падышоў да свайго, але Бог наслаў на яго рой камароў - адзін толькі маленькі камаровы рой.
Насякомыя гулі вакол князя і джалілі яго ў твар і рукі. Ён злосна выхапіў меч, але сек ім толькі паветра, у камароў патрапіць аніяк не ўдавалося. Тады ён загадаў прынесці каштоўныя дываны і ахінуць сябе імі з ног да галавы, каб аніводзін камар не мог дастаць яго сваім джалам.
Але Бог наслаў на яго рой камароў, адзін толькі маленькі камаровы рой... але адзін камар ухітрыўся прабрацца пад самы ніжні дыван, залез у вуха князя ды ўджаліў яго.
Быццам агонь разліўся па князевай крыві, яд пранік у ягоны мозг, і ён сарваў з сябе ўсе апраткі і голы ўзяўся кідацца з боку ў бок і скакаць перад натоўпам сваіх бязлітасных салдат.