Папялушка (Перо)
Вельмі кароткі змест
Казачнае каралеўства. Удавец ажаніўся з ганарыстай кабетай, якая мела дзвюх дочак. Мачаха прымусіла падчарку рабіць усю чорную работу ў хаце.
Сын караля даваў баль і запрасіў усіх знакамітых асоб. Сёстры Папялушкі атрымалі запрашэнне і доўга рыхтаваліся. Хросная-чараўніца дапамагла Папялушцы: ператварыла гарбуз у карэту, мышак у коней, дала ёй раскошнае ўбранне і крышталёвыя пантофлікі. Але папярэдзіла, што ўсё знікне апоўначы.
Папялушка прыехала на баль.
Адразу ж запанавала поўная цішыня, усе кінулі танцаваць, скрыпкі змоўклі — так моцна ўсе былі ўражаныя незвычайнаю прыгажосцю незнаёмай прынцэсы.
Прынц танцаваў толькі з ёю. На другі вечар Папялушка зноў прыехала, але апоўначы пабегла так хутка, што згубіла адзін пантофлік. Прынц абвясціў, што ажэніцца з той, каму пантофлік падыдзе. Калі прынеслі пантофлік да сясцёр, Папялушка таксама памерыла яго. Пантофлік падышоў ідэальна. Прынц пазнаў у ёй прыгажуню з балю, і яны пажаніліся.
Падрабязны пераказ
Дзяленне пераказу на главы — умоўнае.
Жыццё Папялушкі з мачахай і сёстрамі
Жыў сабе адзін удавец, які вырашыў ажаніцца другі раз. Ён узяў сабе ў жонкі сама ганарыстую і фанабэрыстую кабету ў свеце. Ад першага мужа былі ў той кабеты дзве дачкі з такім самым дрэнным характарам, як і ў іхняй маці. А ў чалавека таксама была дачка добрага, ласкавага характару, якую яна пераняла ад маці-нябожчыцы.
Не паспелі яшчэ згуляць вяселле, як мачаха пачала аказваць свой злы нораў.
Яна трываць не магла сваёй добрай падчаркі, побач з якой яе дочкі здаваліся яшчэ болей агіднымі. Яна прымусіла бедную дзяўчыну рабіць сама чорную работу ў хаце.
Падчарка павінна была мыць падлогу і посуд, прыбіраць у спальнях мачахі і яе дачок, а сама спала ў маленькім пакойчыку на гарышчы на мяккім сяннічку.
Але бедная дзяўчына моўчкі цярпела такую несправядлівасць і не адважвалася паскардзіцца бацьку, які за гэта толькі насварыўся б на яе, бо ва ўсім патрафляў новай жонцы.
Калі дзяўчына ўпраўлялася з працай, яна сядала каля агменя ў закутку, дзе звычайна змяталі попел. Таму ў хаце яе празвалі Папялдупкай, а малодшая сястра звала проста Папялушкай.
Першы баль
Аднойчы сын тамтэйшага караля даваў баль і запрасіў на яго ўсіх знакамітых асоб. Дзвюм сёстрам таксама прыйшло запрашэнне. Яны ўзрадваліся і пачалі выбіраць найлепшыя гарнітуры, прыдумляць прычоскі. Больш за ўсё клопату выпала Папялушцы: яна прасавала сёстрам бялізну, крухмаліла каўнерыкі і манжэты.
Нарэшце настаў радасны дзень, і сёстры выправіліся на баль. Папялушка доўга праводзіла іх вачыма, а калі карэта знікла, горка заплакала. Хросная ўбачыла, што дзяўчына плача, і спыталася, што здарылася.
— Мне так хацелася б… мне так хацелася б… Але Папялушка плакала так горка, што не здолела дагаварыць.
Хросная, якая была чараўніца, паабяцала дапамагчы, калі Папялушка будзе паслухмяная. Яна завяла яе ў свой пакой і загадала прынесці гарбуз. Дакрануўшыся да яго чарадзейнаю палачкай, хросная ператварыла гарбуз у залачоную карэту. Потым яна ператварыла шэсць мышак у коней, пацука ў фурмана, а яшчарак у лёкаеў.
Хросная толькі дакранулася да яе сваёй палачкай, і ў тую ж хвіліну Папялушчына сукенка ператварылася ў дзівоснае ўбранне, абсыпанае каштоўным каменнем.
Потым хросная дала дзяўчыне пару найпрыгажэйшых крышталёвых пантофлікаў і папярэдзіла, што на балі яна не павінна заставацца пазней за поўнач. Папялушка паабяцала і, не помнячы сябе ад радасці, ад'ехала.
Другі баль і страта пантофліка
Сын караля сам выйшаў сустракаць незнаёмую прынцэсу і правёў яе ў залу. Усе былі ўражаныя яе прыгажосцю. Прынц запрасіў яе на танец, і яна танцавала так зграбна, што ўсе яшчэ больш замілаваліся ёю. Папялушка села побач са сваімі сёстрамі і пачала іх хваліць, але яны не пазнавалі яе.
Калі гадзіннік прабіў без чвэрткі поўнач, Папялушка адразу раскланялася і як мага хутчэй пабегла з палаца. Дома яна падзякавала хроснай і прызналася, што хацела б паехаць на баль і заўтра. Назаўтра абедзве сястры зноў былі на балі, і Папялушка таксама, але ў яшчэ прыгажэйшым убранні.
Сын караля ўвесь час завіхаўся вакол яе. Дзяўчыне зусім не было часу нудзіцца, і яна забылася на папярэджанне хроснай. Раптам гадзіннік выбіў першы ўдар поўначы.
Яна падскочыла і жвава, як касуля, кінулася ўпрочкі. Прынц пабег быў за ёю, але дагнаць так і не здолеў. Па дарозе дзяўчына згубіла адзін крышталёвы пантофлік.
Прынц пяшчотна падабраў пантофлік. Папялушка прыбегла дамоў без карэты, без лёкаеў, задыханая, зноў у сваім агідным адзенні. З усяе пышнасці ў яе застаўся толькі адзін пантофлік.
Прымерка пантофліка і шчаслівы канец
Праз некалькі дзён сын караля абвясціў, што ажэніцца з той, каму гэты пантофлік будзе акурат па назе. Спачатку яго паперамервалі ўсе прынцэсы, потым графіні і ўся дворня, але нікому ён не падыходзіў. Прынеслі яго і да дзвюх сясцёр, але як толькі яны не высільваліся, усунуць нагу ў пантофлік не выйшла.
Папялушка пазнала свой пантофлік і з усмешкай сказала, што хоча памераць яго. Сёстры пачалі смяяцца, але прыдворны заўважыў, што яна прыгожая, і дазволіў ёй памераць. Пантофлік лёгка надзеўся на нагу і аказаўся ў самы акурат. Здзіўленне сясцёр яшчэ больш павялічылася, калі Папялушка дастала з кішэні другі такі самы пантофлік.
У гэты момант увайшла хросная і дакранулася да Папялушчынага адзення чарадзейнаю палачкай. Яно зрабілася яшчэ прыгажэйшым, чым раней. Сёстры прызналі ў ёй тую прыгожую прынцэсу і кінуліся ў ногі, перапрашаючы за ўсё дрэннае. Папялушка сказала, што ўсё ім даравала і хоча, каб яны заўсёды яе любілі.
Папялушку правялі да маладога прынца, і праз некалькі дзён яны пажаніліся.
Папялушка, у якой дабрыні было не меней, чым прыгажосці, запрасіла сясцёр жыць у палац і ў той самы дзень ажаніла іх з двума знатнымі панамі.
Мораль казкі
Казка вучыць, што краса ў дзяўчат - вялікі скарб, але ветлівасць каштуе болей і большую цану мець будзе вечна. Хто хоча дабіцца схільнасці ў любога, адной красою дасягне не многа - тут ветласць важнейшая, бо з ёй магчыма ўсё, а без яе нічога.
Краса ў дзяўчат — вялікі скарб, бясспрэчна,
Мы захапляцца ёй не стомімся ніколі,
Ды ветлівасць усё ж каштуе болей
І большую цану мець будзе вечна.