Пахвала Вітаўту
Дзяленне пераказу на главы — ўмоўнае.
Уводзіны: веліч князя Вітаўта і яго ўладанні
Аўтар пачынаў сваё апавяданне словамі пра тое, што таямніцу цара трэба захоўваць, а пра справы вялікага гаспадара варта паведамляць. Ён хацеў расказаць пра вялікага князя Аляксандра, яшчэ званага Вітаўтам, гаспадара літоўскіх і рускіх і шмат іншых земляў.
Аўтар спасылаўся на пісанне: «Братова, Бога бойцеся, а князя шануйце». Ён прызнаваўся, што немагчыма ні расказаць, ні апісаць справы вялікага князя Вітаўта.
Але немагчыма ні расказаць, ні апісаць справы вялікага князя Вітаўта. Каб было магчыма спасцігнуць вышыню неба і глыбіню мора, то можна было б выказаць сілу і храбрасць гэтага слаўнага гаспадара.
Уладары свету, што аддавалі пашану Вітаўту
Вялікі князь Вітаўт валодаў Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім і шмат якімі іншымі землямі, проста кажучы, усёю Рускаю зямлёю. Не толькі ўся Руская зямля была яму падуладная. Гаспадар Венгерскай зямлі, званы цэзар рымскі, у вялікай любові жыў з ім.
Аднойчы слаўны гаспадар быў у сваім горадзе Вялікі Луцк і паслаў сваіх паслоў да венгерскага караля, загадаўшы яму прыбыць да яго. Той паслухмяна неўзабаве прыехаў да яго са сваёю каралеваю, выказваў вялікую пашану і падносіў шматлікія падарункі. З таго часу вялікая любоў умацавалася паміж імі.
Не было земляў ні на ўсходзе, ні на захадзе, адкуль не прыходзілі б пакланіцца гэтаму слаўнаму гаспадару. Калі нават быў цар над усёю зямлёю, і той, прыйшоўшы, кланяўся слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Аляксандру, яшчэ званаму Вітаўтам.
Турэцкі цар пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў слаўнаму гаспадару.
У вялікай любові жыў з ім прававерны і хрысталюбны цар царградскі.
Чэскае каралеўства з вялікаю пашанаю ставілася да слаўнага гаспадара. Дацкі кароль пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў вялікаму князю Вітаўту. У тыя ж гады брат яго Ягайла, па-ляшску названы Уладзіславам, валодаў Кракаўскім каралеўствам, і ён з ім у вялікай любові жыў.
Калі слаўны гаспадар Вітаўт на якую зямлю гневаўся і хацеў пакараць, кароль Уладзіслаў заўсёды даваў яму дапамогу. Служылі яшчэ яму ўсходнія цары. Вялікі князь маскоўскі ў вялікай любові жыў з ім.
Паслухмянасць уладароў і іх служба вялікаму князю
Служылі яму яшчэ і іншыя: вялікія князі нямецкія з усімі сваімі гарадамі і землямі, па-нямецку называныя магістрамі; гаспадар зямлі Малдаўскай і Бесарабскай, па-валашску называны ваяводам; гаспадар зямлі Балгарскай, па-балгарску называны дэспатам. Яшчэ і іншыя вялікія князі служылі вялікаму князю Вітаўту: вялікі князь цверскі, вялікі князь разанскі, вялікі князь адоеўскі, і Вялікі Ноўгарад, і Вялікі Пскоў.
Проста кажучы, не знойдзецца ва ўсім Памор'і ні горад, ні край, якія б не слухаліся гэтага слаўнага гаспадара Вітаўта ... пашану вялікую [выказвалі] і падарункі шматлікія падносілі яму.
Гэтыя вялікія гаспадары, вялікія князі, вялікія землі адны ў вялікай любові жылі з ім, а іншыя моцна служылі яму, выказвалі вялікую пашану і падносілі шматлікія падарункі не толькі кожны год, але і кожны дзень. Калі слаўны гаспадар на якую зямлю гневаўся і хацеў яе сам пакараць або куды хацеў сваіх моцных ваяводаў паслаць і каму ад тых земляў загадваў да сябе прыбыць, яны неўзабаве паслухмяна са сваёй зямлі да яго прыходзілі.
Улада над Ардой: прызначэнне цароў
Вялікі князь Аляксандр, званы Вітаўтам, у вялікай пашане і славе прабываў. Аднойчы быў ён у адным са сваіх гарадоў — вялікім горадзе Кіеве, і прыслалі да яго вялікія князі ардынскія, паручаючыся верна служыць яму, і прасілі ў яго цара на царства, бо шмат вялікіх ардынскіх цароў служыла пры яго двары. І даў ён ім цара па імені Салтан.
Той цар, які быў у Ардзе, учуўшы, што слаўны гаспадар паслаў свайго слугу на царства, не пасмеў працівіцца яму, пакінуў царства і ўцёк. Салтан, прыйшоўшы ў Арду, сеў на царства паводле волі вялікага гаспадара Вітаўта і вельмі паслухмяна служыў яму і неўзабаве памёр.
Старэйшыны ардынскія паслалі сваіх паслоў з вялікімі дарамі да слаўнага гаспадара і прасілі ў яго іншага цара. Ён даў ім іншага цара па імені Салтан Малы.
Гэты Салтан, сеўшы на царства, ніяк не смеў не слухацца слаўнага гаспадара: дзе і калі вялікі князь Вітаўт яму загадае, ён тады і туды качуе. Прайшло мала часу, і вялікія князі ардынскія, не смеючы нічым разгневаць слаўнага гаспадара, каб без яго волі не садзіць на трон цара, прыслалі да яго з вялікаю пашанаю і прасілі іншага цара. Ён даў ім іншага цара па імені Даўлат-Бярды.
Як рака, праплываючы ўсе землі, людзей і жывёлу поіць, а сама не змяншаецца, так і слаўны гаспадар [Вітаўт] шмат цароў адпускаў у Арду, а ў яго большала цароў.
Гэты цар Даўлат-Бярды мала часу цараваў, і таму тыя ж старэйшыны ардынскія, калі ішлі каля вышэйзгаданага горада Кіева і ўчулі, што ў гэтым горадзе знаходзіцца слаўны гаспадар, вялікі князь Вітаўт, прыйшлі і пакланіліся яму, і шматлікія падарункі прынеслі, і прасілі ў яго іншага цара. Ён даў ім іншага цара па імені Махмет.
Як ад мора шмат вады выходзіць, так і ад гэтага слаўнага гаспадара, вялікага князя Вітаўта, мудрасць сыходзіць.