Таямніца закінутай хаты (Масла)
Вельмі кароткі змест
Беларуская вёска, сучаснасць. Хлопчык Змітрок штодзень хадзіў па суніцы ў былы кар'ер. Па дарозе стаяла закінутая хатка дзеда Міколы, якую Змітрок заўсёды падбегам мінаў, бо баяўся.
Аднойчы Змітрок забыў дома ваду, а дзень быў спякотны. Ён вырашыў зачэрпнуць вады з калодзежа ў двары закінутай хаткі. Там ён нечакана сустрэў дзядка ў ватоўцы, валёнках і цёплай шапцы.
Дзядок прызнаўся, што ён — хатнік, які ўсё жыццё жыў у гэтай хаце разам з дзедам Міколам. Цяпер гаспадар у горадзе, хварэе, а хатнік адзін пільнуе хату. Ён сумаваў, што дзеці дзеда Міколы хочуць прадаць хату дачнікам. Хатнік сказаў, што калі гэта адбудзецца, ён пойдзе на балота да вадзяніка:
Я ўжо надумаў. На балота пайду, да вадзяніка... Здыму кут пад якім карчом, дзе сушэй. Неяк будзе... Можа, дачакаюся той пары, як ты вырасцеш, хату тут новую справіш.
Хатнік папрасіў Змітрока маўчаць пра іх сустрэчу. Потым ён перавярнуў шапку задам наперад і знік. Змітрок паабяцаў наведваць хатку, прыносіць хатніку суніцы і малако.
Падрабязны пераказ
Падзел пераказу на главы — умоўны.
Страх закінутай хаты
Летам хлопчык любіў хадзіць па суніцы ў былы кар'ер, парослы сасоннікам. Ягад там было столькі, што зямля свяцілася чырванню. Дачакаўшыся ягаднай пары, ён штодзень бегаў на ўлюбёныя палянкі.
Пры дарозе, недалёка ад кар'ера, стаяла закінутая хатка. Змітрок заўсёды падбегам мінаў яе. Хлопчыку здавалася, што хтосьці таямнічы тужліва глядзеў праз заплеценыя павуціннем вокны на вуліцу, уздыхаў і тупаў па зарослым быльнягом двары. Гаспадара хаты, дзеда Міколу, забралі да сябе ў горад дзеці. Раней ён толькі зімаваў у гарадской кватэры, а на лета вяртаўся на сваю сядзібу. Цяпер, кажуць, занядужаў — другі год сумавала без гаспадара хатка.
Сустрэча з хатнікам
Змітрок ведаў гэта і дакараў сябе за беспадстаўны страх. Ён даваў слова калі-небудзь зайсці на пусты панадворак, каб перамагчы свой страх. Аднойчы, ідучы па суніцы, хлопчык забыўся дома біклагу з вадой. Дзень быў спякотны, ад смагі вусны сушыла. Піць хацелася нясцерпна. У двары закінутай хаткі быў калодзеж з такой смачнай вадой, што спецыяльна па яе прыязджалі людзі з ваколіцы. Дзед Мікола нікому гэтага не забараняў, і цяпер людзі да калодзежа ездзілі.
Змітрок асцярожна адчыніў веснічкі і на дыбачках пайшоў да калодзежа. Раптам ён пачуў у сябе за спінай голас: «А ты, як я бачу, не баязлівец». Абярнуўшыся, хлопчык убачыў на лаўцы пад хатай дзядка. Спёка, а на ім ватоўка, валёнкі, цёплая шапка. Так летам і дзед Мікола хадзіў. Ад неспадзяванкі Змітрок нібы прырос да зямлі. Ён апраўдваўся, што не ведаў, што дзядуля дома, таму не спытаў дазволу зайсці, і дадаў, што бабуля казала, што ён не прыедзе на лета.
Пільна ўглядаючыся Змітраку ў твар, дзядок усміхнуўся і сказаў, што дзед Мікола зусім ужо на гараджаніна пабраўся, і на яго, і на хату забыўся. Змітрок заступіўся перад незнаёмым за дзеда Міколу, сказаўшы, што той хварэе. Дзядок незадаволена бурчаў, што не трэба было з абжытага месца з'язджаць. Ён дапамог Змітраку зачэрпнуць вады з калодзежа. Вада была такая сцюдзёная, што зубы пачынала ламіць.
Гісторыя пра забытую вёску
Змітрок нясмела спытаў, ці дзядуля сваяк дзеду Міколу, калі ў яго хатцы жыве. Дзядок засмяяўся і сказаў, што ён яму радней роднага брата, усё жыццё з ім у адной хаце жылі, а цяпер той у горадзе, а ён тут адзін пякуецца. Гаротна махнуўшы рукой, дзядок зноў сеў на лаўку і прызнаўся:
Хатнік я тутэйшы, вось хто я, хлопча! Чуў пра такое дзіва? Тут раней хатнікаў у кожнай хаце, у кожным падпечку было поўна, як і людзей. А цяпер людзі пакідалі вёскі, з'ехалі ўсе.
Змітрок ад здзіўлення знямеў. Ён, сталічны жыхар, які пра хатнікаў толькі ў кніжках чытаў і лічыў іх прыдумкай, цяпер з сапраўдным хатнікам размаўляў. Аправіўшыся ад здзіўлення, хлопчык запытаўся, чым дзядок дакажа, што ён хатнік. Той забурчаў, што Змітрок яго бачыць — і досыць, такая пашана рэдка каму выпадае. А другі доказ хлопчык і сам на сабе паспытаў: баяўся ля хаткі хадзіць, бо хатнік на прахожых страх напускаў, каб не ўздумаў каторы ў хатку залезці.
Дзядок цяжка ўздыхнуў і дадаў, што не зважае, што на гаспадара за доўгую адлучку злуе. Сумуе ён без яго, чакае. Лёгка, думаеш, сядзець тут і глядзець, як хата марнуецца? Змітрок ухапіўся за свой слоік з суніцамі і прапанаваў дзядулю пачаставацца. Хатнік узяў у рукі слоік і з асалодай пачаў есці духмяныя ягады, якія пахлі той парой, калі Міколавы дзеці маленькімі былі.
Дзядок гаварыў, што даўно Змітрока запрыкмеціў, малайчына, не гультай, штодзень за ягадамі бяжыць, лес любіць. Хлопчык пацвердзіў, што любіць, і расказаў, што ў іх у сям'і ўсе лес любяць — мама заўзятая ягадніца, тата грыбнік. Хатнік здзівіўся: любіце лес, а жывяце ад лесу далёка. Змітрок патлумачыў, що бацькі працуюць у горадзе, а ён у школу ходзіць. Дзядок засмяяўся: на вёсцы работы заўсёды поўна, рабіць яе цяпер няма каму, пазбягалі ў горад, пакідалі хаты.
Зямля ад тваіх ножак адвыкнуць паспявае. Госць ты для яе, а не гаспадар. А госці да пары мілыя. На зямлі не гасцяваць трэба, а даглядаць яе, сябе аддаваць. Тады толк будзе.
Хатнік расказаў, што чакае Міколу, цешыць сябе надзеяй на яго прыезд, а сам жа чуў, що Міколаву хату хочуць дзеці прадаць новым гаспадарам. Ужо і пакупнікі прыязджалі, тупалі па двары. Палохаў ён іх, але не зважаюць на яго. А скора і зусім з хаты выжывуць. Змітрок са шкадаваннем глядзеў, як дзядок-хатнік выціраў слёзы. Хлопчык асцярожна спытаў, ці нельга каля новых гаспадароў жыць. Хатнік сярдзіта ўсклікнуў, що ўсё жыццё пры Міколу жыў, дзе на старасці да новых гаспадароў прывыкаць. Ды і каб жа гаспадары былі, а то дачнікі. Прыедуць, паапальваюцца на сонцы, шашлыкі пасмажаць — і ў горад.
Абяцанне вярнуцца
Змітрок нясмела прапанаваў паехаць з імі ў горад, але хатнік адмовіўся. Ён быў у горадзе ў старэйшага сына-хатніка ў гасцях, які жыве за плітой электрычнай. Не жыццё, а пакута — цесна, і гаспадароў дома не відаць. Як сыдуць раніцай з дому — толькі пад вечар вяртаюцца, стомленыя, галодныя, злосныя. Дзядок надумаў на балота пайсці, да вадзяніка. Можа, дачакаецца той пары, як Змітрок вырасце, хату тут новую справіць або гэту адкупіць, да ладу давядзе. Вось тады і перайдзе з балота зноў у падпечак.
Суніцы ў слоіку закончыліся. Адправіўшы ў рот апошнюю жменю духмяных ягад, дзядок задаволена крэкнуў і падзякаваў Змітраку. Ён папрасіў маўчаць пра іх сустрэчу, бо людзі цяпер хцівыя на розныя дзівосы, даведаюцца пра яго — назавуць анамальнай з'явай, пачнуць тут сноўдацца, пазбавяць спакою. Уздыхнуў дзядок, шапку задам наперад перавярнуў — і знік, як і не было яго.
Змітрок яшчэ ад неспадзянай сустрэчы апомніцца не паспеў, як, на табе, маеш другую нечаканасць. Думай цяпер, прыснілася ўсё ці на самай справе з хатнікам размаўляў. Падышоў хлопчык да акна, глянуў праз яго ў святліцу — і адхіснуўся.
Нібы ў вočы тужлівой таямніцы зазірнуў, падгледзеў, як гуляе яна з пакінутымі цацкамі, гартае старонкі адсырэлых кніжак, адпачывае, гаротная, на мяккіх пярынах...
Не стаў Змітрок больш у акно пазіраць. Узяў пусты слоік, паставіў на ўслончык ля калодзежа кубак. Асцярожна ступаючы, дайшоў па сцежцы да веснічак і шчыльна прычыніў іх за сабой. Памахаў рукой хатцы і паабяцаў да яе наведвацца, дзядку суніцы і малачко пакідаць. І падумаць пра таямніцу, давераную яму хатнікам — важную, пра якую ні ў адной казцы не пачуеш.