У ціхім тумане (Чыгрынаў)
Вельмі кароткі змест
Беларуская вёска Бароўка, пасляваенны час. У вёску нечакана вярнулася старая Рэйдзіха, якую не бачылі тут трыццаць гадоў.
Яе сустрэла Тараськова Ганна, якая прапанавала старой начлег.
Падчас вайны сын Рэйдзіхі, Якаў, служыў у нямецкім карным атрадзе і ўдзельнічаў у расправе над вёскай.
Тараська немцы павесілі. Але на гэтым яны не спыніліся. У той жа дзень згарэла ўся Бароўка. Рэйдзішын сын першы паднёс палаючы смаляк пад саламяную страху Тараськовай хаты
Партызаны потым злавілі здрадніка і расстралялі яго на краі бярозавага балота. Назаўтра Рэйдзіха папрасіла паказаць ёй магілу сына. Хлопчык Міцька павёў яе да месца расстрэлу, дзе старая ўпала на зямлю і доўга ляжала, прыціснуўшыся да дзірвану.
Падрабязны пераказ
Назвы частак – умоўныя.
Вяртанне Рэйдзіхі ў Бароўку
Над Бароўкай, двароў на сорак вёскай, якая падступалася паўкругам да возера, неўзаметку асядаў вечар. З бярозавага балота выпаўз туман, і пацягнула яго па тарфяным полі на мост
У гэты час у Бароўку прыйшла старая жанчына. Яе ўбачыла Тараськова Ганна, якая зграбала сухое шыгалле пад соснамі ў Чыкавых печах.
Рэйдзіха таксама заўважыла Ганну. Яна спынілася крокаў за дваццаць і пазірала на яе, сляпуючы, з-пад рукі. Потым, ужо, мусіць, пазнаўшы, падышла бліжэй
Сёння ўвесь час яна чакала, што вось-вось людзі пачнуць гаварыць пра яе сына. Гэтага старая баялася больш за ўсё на свеце. Але бог літасцівы быў, і ніводзін чалавек не напомніў пра яго
Гісторыя сям'і Рэйдаў
У Рэйдзіхі быў муж Лазар, які служыў леснікам спачатку ў пана, а потым пры савецкай уладзе. Ён жыў з сям'ёй у лесніковай хаце пад Круглым, за тры кіламетры ад Бароўкі.
Пасля рэвалюцыі Рэйда застаўся леснікам, але праз дзесяць гадоў яго выкрылі ў продажы дзяржаўнага лесу і прагналі. Ён пасяліўся ў Бароўцы, дзе пабудаваў добрую хату. У калгас ісці не хацеў. Калі згарэў калгасны кароўнік, Рэйду арыштавалі, а яго жонка з сынам з'ехалі з вёскі.
У сорак другім годзе ў Бароўку вярнуўся іх сын Якаў, але ўжо ў нямецкай форме з карным атрадам.
Ён павесіў старога Тараська, бацьку Ганны, і першы падпаліў яго хату. Потым згарэла ўся вёска.
Партызаны злавілі Якава Рэйду на другое лета і застрэлілі на краі бярозавага балота.
Апошняя просьба Рэйдзіхі
Рэйдзіха не стала бавіцца ў Ганнінай хаце - праз які час пачала збірацца ў дарогу. Ганна не адгаворвала. Але перад тым, як пераступіць парог, старая раптам затужыла моцна
Яна папрасіла Ганну паказаць ёй магілу сына. Да бярозавага балота Рэйдзіху павёў суседскі хлопчык.
Яна не плакала. Затое часта і трывожна цяпер білася ў грудзях, гатовае вылецець адтуль назусім, яе кволае старэчае сэрца. Удары яго, напэўна, чуваць было нават праз тоўсты дзірван