Велікодныя яйкі (Бядуля)
Вельмі кароткі змест
Беларуская вёска Запушнікі, пачатак XX стагоддзя. У беднай сям'і Мікіты і Мікіціхі рос восьмігадовы сын Сцяпанка, які меў непераадольную цягу да малявання.
Хлопчык размалёўваў вугольчыкамі сцены і платы па ўсёй вёсцы, за што яго білі бацькі і суседзі. У школе ён размаляваў усю паперу і кніжкі, за што яго выгналі. Працаваў пастухом, але і там займаўся малюнкамі. Марыў ён пра фарбы, якія бачыў паўсюль у прыродзе. На Вялікдзень маці куплялі яму фарбы для яек, але сёлета адмовіла. Тут прыйшла вестка, што бацька загінуў на вайне. Сцяпанка пайшоў валачобнікам і набраў яек. Каб намаляваць партрэт бацькі на яйках, хлопчык парэзаў сабе пальцы і выкарыстаў кроў як чырвоную фарбу.
– Мне фарбы патрэбны былі, – апраўдваўся Сцяпанка. – А пальцы – мае. Я над імі гаспадар!
Студэнты забралі хлопчыка з сабой і падарылі яму скрынку з фарбамі, абяцаючы вучыць і забраць у горад.
Падрабязны пераказ
Падзел на главы — ўмоўны.
Хлопчык-мастак і яго сямя
У вёсцы Запушнікі жыла самая бедная сям'я - Мікіціха з восьмігадовым сынам Сцяпанам. Мужа Мікіту забралі на вайну, пакінуўшы недабудаваную хатку без падлогі і паловы даху. Узімку сям'я вельмі нацярпелася холаду.
Хлопчык увесь час займаўся пэцканінай, дзеля якой нямала нацярпеўся за кароткае жыццё. Маці пастаянна лаяла яго за гэтыя заняткі.
– Гаспадар ты мой, гаспадар ты мой! – гаварыла Мікіціха з крыўдай у голасе... Табе ў галаве цацачкі, конікі, чалавечкі, сабачкі, дрэўцы і іншыя трасцы.
У вёсцы хлопчык быў вядомы пад клічкаю "Сцяпанка Пяцкун", бо меў прывычку ўсё пэцкаць вугольчыкамі. Гэта цяга да малярства з'явілася ў яго ад чатырох гадоў. Амаль усе сцены і платы ў вёсцы былі размалёваны яго рукой.
Проза жыцця з паэзіяй не можа ўжыцца разам у гаротнай сялянскай хатцы. Паміж іх адбываюцца пастаянна балючыя стычкі.
Усе ў вёсцы лічылі Сцяпанку дурным, а бацькі жаліліся на яго.
Няўдачы ў школе і работа пастухом
Калі хлапцу мінула сем гадоў, яго паслалі ў школу. Спачатку ён меў вельмі шчаслівыя хвіліны - настаўнік выдаў яму кніжку з малюнкамі, а бацька купіў паперу і атрамант з ручкай.
За адзін вечар хлопчык паспеў размаляваць усю паперу і кніжку, выліўшы ўвесь атрамант. Настаўнік выдзер яго добра і паставіў голымі каленямі на жарству. Пасля паўтарэння такой жа сітуацыі Сцяпанка хварэў некалькі тыдняў і перастаў вучыцца.
К вясне яго аддалі за пастуха. Але і там ён патрапіў у бяду - пагнаў стада ў поле, сеў на крушні і давай маляваць, а скаціна тым часам улезла ў шкоду.
Гаспадар добра яго пачаставаў пугай і прагнаў.
Сцяпанка быў вялікім мучанікам свайго малярства. Каб хацелі людзі злажыць новы каляндар мучанікаў, дык, пэўна, Сцяпанка папаў бы туды адным з першых.
Вольнае лета і падарунак дзядзькі
Цэлае лета Сцяпанка бадзяўся вольны, як птушка. Ён цягаўся па лясах-палях адзін-адзінюткі, захоплены сваімі марамі-думкамі аб фарбах. Фарбы былі для яго недасціглай таемнасцю, хаця ён іх бачыў усюды.
Канца няма фарбам на свеце. Яны заварожвалі яго на захад і ўсход сонца... Фарбы яму гаварылі свае казкі, спявалі свае песні...
Часта хадзіў ён да цёткі Тэклі глядзець на святыя абразы, якімі былі багаты сцены яе хаткі. Цётка была вельмі набожная і кожны раз на кірмашы купляла сабе розныя абразы.
Прыехаў раз дзядзька-салдат і падарыў Сцяпанку бляшаную пушачку ад ваксы. На ёй быў намалёваны маленькі чорненькі чалавечак з шчоткай і вялізарны бот.
У сне чалавечак з пушачкі вырас у вялікага чалавека, увёў Сцяпанку ў свой палац-бот і пачаў вучыць маляваць рознымі фарбамі. Але сон перарвалі матчыны крыкі, і ў яго адняли пушачку.
Трагедыя і творчы подзвіг
Раз у год бывалі ў Сцяпанкі светлыя хвіліны - на Вялікдзень, калі яму дазвалялі яйкі фарбаваць. На гэту работу яму куплялі фарбы на цэлы пятак, і ён па-майстэрску размалёўваў яйкі. Але сёлета маці казала, што ніводнай капеечкі на фарбы не дасць.
Прыйшоў Вялікдзень, і з воласці прынеслі ліст, што Мікіта, бацька Сцяпанкі, ужо забіты. Мікіціха плакала-галасіла аб чалавеку сваім, праклінаючы долю ўдовіну.
Пайшоў Сцяпанка з іншымі хлапчукамі ў валачобнікі на ўсю ноч. На яго долю выпала некалькі яек. Хлапцу ўдалося выцягнуць з кубла бацькаву фатаграфію і пабег з ёю ціханька ў ток. Праз некалькі гадзін вярнуўся ў хату з намалёванымі яйкамі.
Маці ўгледзела, што пальцы ў Сцяпанкі былі завернуты анучкамі. Калі яна сарвала іх, то ўбачыла, што пальцы былі запэцканы крывёй - хлопчык выкарыстаў сваю кроў як фарбу.
на ўсіх яйках быў намалёваны нябожчык Мікіта і выглядаў ён усё роўна як жывы. Быў ён намалёваны чырвонай фарбай.
Прызнанне і невядомая будучыня
Разнеслася чутка па ўсёй вёсцы аб дзіўных велікодных яйках. Людзі прыходзілі глядзець, пазнавалі на яйках нябожчыка Мікіту і дзівіліся. Пайшла казка па ўсёй ваколіцы аб той фарбе, якой Сцяпанка яйкі размаляваў.
Чутка аб дзіўных велікодных яйках дайшла і да братоў-студэнтаў з блізкай вёскі. Яны зацікавіліся і прыйшлі паглядзець на малюнкі.
Студэнты забралі хлопчыка з сабой і падарылі яму прыгожую скрыначку з рознымі фарбамі. Яны абяцалі яго вучыць і ў горад забраць
Яны казалі, што з яго выйдзе вялікі чалавек. Бясконца радасны вярнуўся Сцяпанка дахаты, думаючы аб сваёй будучыні.
А ці будзе некалі Сцяпанка вялікім чалавекам, ці заззяе над ім зорка светлая – не ведаем. Гэта залежыць ад таго, як далейшы лёс яго жыцця пакіруецца.