Купальскія светлякі (Колас)
Падзел пераказу на часткі – умоўны.
Чароўная ноч і яе зорнае неба
Ноч спусцілася на зямлю, распляла свае чорныя косы і прытаілася ў лесе, каб ахоўваць сон людзей і прыроды. Гэта была добрая ночка, якая пазмятала з неба ўсе хмаркі, і яно заззяла тысячамі рознакаляровых зорак.
Расцярушыла ночка свой цёмны пыл, распляла над зямлёю свае чорныя косы, а сама, як маці, прытаілася ў лесе, каб вартаваць і ахоўваць сон людзей і сон прыроды. Гэта была добрая ночка.
Чалавек, які знайшоў кветку папараці
У гэтую ноч адзін чалавек шукаў кветку папараці, якая, паводле паданняў, зацвітае ў Купальскую ноч агнявістым цветам. Многія людзі шукалі гэтую кветку, але ніхто не знаходзіў яе, бо папараць ніколі не цвіла з таго часу, калі пачала расці на свеце.
Гэтая знаходка зрабіла чалавека шчаслівым. Усякія згрызоты і непрыемнасці не краналі яго. На душы ў яго было спакойна і радасна. А цікавей за ўсё тое, што яму сталі вядомы галасы прыроды...
Філасофская размова дубоў
Ідучы па лесе, чалавек пачуў, як перамаўляюцца дрэвы. Яго зацікавіла гутарка двух велізарных дубоў, што стаялі ўскрай лесу. Ноч, цішыня і зорнае неба настроілі іх на філасофскі лад.
Чым цікава жыццё, — казаў адзін дуб, — дык гэта тым, што яно хоць і ідзе па пэўных законах, але вечна змяняецца і разгортвае новыя старонкі. І колькі б ты ні жыў, ніколі не пасягнеш яго мнагалучнасці.
Другі дуб адказаў, што ў гэтым і ёсць мудрасць жыцця. Ён таксама выказаў захапленне зорамі, іх святлом, якое вабіць і прыцягвае.
Самаўпэўненыя светлякі
Раптам пачуўся тоненькі-тоненькі галасок, які ішоў аднекуль з-пад каранёў дуба. Чалавек зірнуў уніз і ўбачыў, што па дубовых каранях і па траве поўзалі харошанькія светлячкі з цёмнымі галоўкамі і зеленаватымі агеньчыкамі на жывоціках.
З іх чарады абабраўся адзін жучок з таўсцейшым жывоцікам і больш прыметным агеньчыкам. Ён прымасціўся на кары дубовага кораня і пачаў прамаўляць да жучынай грамадкі.
Ёсць многа на свеце агнёў, але яны аджылі свой час. Жыццё не стаіць на адным месцы... значыць, і агонь павінен перайсці ў іншыя формы. Такімі формамі і зʼяўляемся мы, чуеце, жучкі? Мы!
Светлячок-прамоўца высмейваў дуб за тое, што той захапляецца зоркамі, не заўважаючы новых агнёў пад сваім карэннем. Ён паклікаў жучка, які сядзеў на лістку суніцы, каб паказаць яго агеньчык як прыклад новага агнявога вобраза.
У сухім леташнім лісці пад карэннямі дуба шаснула яшчарка і спытала, каму свеціць агонь светлячкоў. Светлячок-прамоўца адказаў, што іх агонь свеціць перш за ўсё ім самім, і што яны самі — сонца, зоры, месяц.
А нам — цьфу на сонца, на зоры, на месяц, на купальскія агні, што пазапальваны па лесе ў гэтую ноч. Каля іх сялянская дурнота спраўляе свае танцы. Мы ж самі — сонца, зоры, месяц!..
Адказ ночы і чалавека
Пачуўшы гэтыя самаўпэўненыя словы, ночка засмяялася. Яна назвала светлячкоў мілымі жэўжыкамі і сказала, што хоць іх час цяпер, але яны толькі малюпасенькі адбітак сонца. Калі яна сыдзе з зямлі, іх агеньчыкі пагаснуць у бляску дня.
Ха-ха-ха! — засмяялася ночка. — Мілыя вы жэўжыкі! Усё гэта вельмі пацешна, але самі вы — толькі малюпасенькі адбітак сонца, а вы плюеце на яго. Ну, што ж? Ваш час, пазабаўляйцеся, дзеткі.
Чалавек таксама засмяяўся і сказаў, што калі ён адыдзе ад светлячкоў на два крокі, іх агні знікнуць з яго вачэй. Чалавек разумеў мову жучкоў, але яны не разумелі мовы чалавека.