Слёзы Тубі (Маўр)
Вельмі кароткі змест
Востраў Цэйлён, 1920-я гады. Маленькі Тубі ўвесь свой век пражыў на беразе мора. Ён добра плаваў і нырцаваў, а ззаду пачынаўся лес.
Яны жылі ўдвух з маткай. Бацька памёр тры гады таму, калі Тубі было восем год. Кожны год наяжджалі людзі ў белых халатах, набіралі работнікаў, якія нырцавалі ў мора і зьбіралі чарапашкі. У іх шукалі каштоўныя пэрлі. Бацька Тубі таксама працаваў, але пасля месяца такой працы ён памёр, харкаючы крывёю.
Калі Тубі споўнілася дзевяць год, маці аддала яго ў школу. Настаўнік вучыў хлопчыкаў нырцаваць і шукаць каменчыкі пад вадой. За памылкі біў бізуном. Тубі аднойчы адабраў камень у таварыша, і таго пабілі. Хлопчык плакаў ад сораму.
Навука цягнулася месяцамі. Заданьні станавіліся ўсё цяжэйшымі, а бізуны — усё часьцейшымі. Аднойчы Тубі страціў прытомнасьць пад вадой, і з носа пайшла кроў.
У дванаццаць год Тубі пачаў працаваць. Аднаго разу ён нырнуў на шэсць сажняў, сабраў чарапашкі, але да яго падплыла акула і загрызла яго. Людзі забілі акулу, разрэзалі яе і знайшлі ў сярэдзіне Тубі з кошыкам. У адной з чарапашак быў вялізны пэрль, які гаспадары ацанілі ў пяцьдзесят тысяч рупій. Маці заплацілі сто рупій.
Праз некалькі месяцаў у Лёндоне на балю ўвагу прыцягнула жонка нафтавага караля з вялізным пэрлем на грудзёх, які каштаваў пяцьдзесят тысяч.
Ня ведалі яны, што гэта не скамянелыя сьлёзы, а сьлёзы маленькага, голага, чорнага Тубі з востраву Цэйлёну.
Падрабязны пераказ
Назвы раздзелаў — рэдакцыйныя.
Жыццё Тубі на беразе мора. Смерць бацькі ад ныраньня за пэрламі
Маленькі Тубі ўвесь свой маленькі век пражыў на беразе мора. Заўсёды перад яго вачыма была бязьмежная прастора — то ціхая, ласкавая, то бурная, злосная.
Сонца кожны дзень вылазіла з вады, праходзіла над галавой і хавалася ў ваду. Хвалі пастаянна набягалі на нізкі пясчаны бераг і сьпявалі сваю песьню. З ёю хлопчык уставаў і клаўся спаць. Ён не мог уявіць сабе месца, дзе не чуваць гэтай песьні. Ззаду, за халупамі, пачынаўся лес, а што было за ім — хлопчык не ведаў. Ён часта бегаў туды, каб сьцягнуць какосавы арэх, банан і іншыя добрыя рэчы, але больш часу праводзіў у вадзе і адчуваў сябе ў ёй, як рыба.
Яны жылі ўдвох з маткай у халупцы з гальля.
Бацька памёр тры гады таму, калі Тубі было восем год. Ён добра памятаў яго. Чорны, худы, як шкілет, і ўсё харкае крывёю.
Кожны год, у красавіку, наяжджалі людзі з чорнымі бородамі, у белых халатох, на белых чаўнох. Яны набіралі шмат людзей, у тым ліку быў і бацька Тубі. Лодкі адыходзілі ў мора, і голыя чорныя людзі кідаліся ў ваду, нырцавалі і зьбіралі на дне чарапашкі. У іх шукалі бліскучыя каменчыкі — пэрлы. Людзі з чорнымі бородамі сядзелі на беразе ў шатры, глядзелі ў біноклі і аддавалі загады. А людзі, што лавілі чарапашкі, ляжалі на беразе ледзь жывыя. У шмат каго з рота ішла кроў. Асабліва ў бацькі Тубі. Так цягнулася цэлы месяц, кожны дзень, бяз ніякага перапынку. У астатні дзень бацька прынёс маці некалькі грошай. Выгляд яго быў ужо зусім дрэнны. А назаўтра бацька памёр.
Тубі ў школе ныральшчыкаў
Аднаго разу маці сказала Тубі, што яму трэба вучыцца, і павяла яго ў школу да настаўніка.
Вучняў набралася чалавек пятнаццаць. Пачаліся лекцыі. Настаўнік узяў пяць белых каменчыкаў, даў хлопцам, каб яны добра прыглядзеліся да іх, кінуў каменчыкі ў мора і загадаў пяці хлопчыкам, каб кожны з іх дастаў па каменчыку. Хлопцы нырнулі, вынырнулі. Чатыры хлопчыкі прынесьлі па каменчыку, а пяты не знайшоў. Тады настаўнік сьцегануў яго бізуном па голай, шчуплай сьпіне. Дайшла чарга да Тубі. Ён плаваў і нырцаваў можа лепш за ўсіх хлопчыкаў, але пры думцы, що яму можа не пашанцаваць, што тады ён таксама атрымае бізуна — пры гэтай думцы ў яго цямнела ўваччу. Раз-два-тры! Каменьні паляцелі ў ваду, хлопцы за імі. Тубі адразу заўважыў, што тутака зусім ня глыбока і сьветла, і гэта супакоіла яго. Вось ён заўважыў камень, кінуўся да яго, але разам з ім кінулася туды нейкае страшыдла. Тубі аж адхіснуўся, але зараз-жа сьцяміў, што гэта яго таварыш, які ўжо працягваў руку да каменчыка.
Ён напружыўся, штурхануў таварыша і выхапіў камень у яго з-пад носа... Заліўся хлопчык сьлязьмі, а сьледам за ім і Тубі.
Настаўнік зароў на хлопчыка, што падаў не той камень, і сьцегануў яго бізуном. Але ня мог Тубі сказаць, што гэты ўдар яго таварыш атрымаў праз яго, Тубі.
Навука становіцца ўсё цяжэйшай
Навука ішла. Шмат тыдняў, месяцаў. Каменчыкі кідаліся ўсё глыбей і глыбей. Потым яны рабіліся ўсё меншыя. Потым сталі кідаць чарапашкі, якія так цяжка было разглядзець у вадзе. А разам з цяжкасьцю заданьняў часьцей сыпаліся бізуны. Скончылі першую клясу, перайшлі ў другую.
Другі год навукі. Трэніроўка затрымкі дыхання
Трэба было навучыцца як мага болей пратрымацца пад вадой. Выехалі на лодцы ў мора. Спусьцілі якар, а да яго прывязалі кошык. Трэба было адным духам адвязаць пад вадой кошык і вынесьці напаверх. Вузлы спачатку былі простыя, а потым усё хітрэйшыя і хітрэйшыя. І бізуны сталі ўсё часьцейшыя і часьцейшыя. Нырнуў Тубі, пачаў адвязваць кошык. Сьпяшаецца, рукі дрыжаць, а духу ўжо не хапае. Яшчэ трымаецца сэкунду, другую; кошык вось-вось будзе адвязаны, але ўжо ў галаве памуцілася, у вушох зьвініць, ужо вада ў нос набіраецца.
Сьпяшаецца, рукі дрыжаць, а духу ўжо не хапае... "Не, не магу. Хай лепш б'е". І ён кідае... Тубі зваліўся на дно лодкі ў няпрытомнасьці, і з носа яго... паказалася кроў…
Першая работа і трагічная смерць Тубі
Вучэньне скончылася. Тубі мае дванаццаць год і можа ўжо падзарабляць. Праўда, ня столькі, як дарослыя, але яго больш ахвотна бяруць, бо навуку скончыў ён першым. Ды працуе ён на меншай глыбіні, бліжэй да берагу. Прычапіў сабе Тубі кошык, узяў у рукі значны камень, каб хутчэй і лягчэй пайсьці на дно, і нырнуў на шэсць сажняў у глыбіню. Вось ён на дне. Скалы чорныя, касматыя, абросшыя сьлізкай расьліннасьцю. Сьвету ўжо меней даходзіць сюды, паміж скал нейкія чорныя ямы, дзе варушыцца нешта скручанае, сьвеціцца нейкае вока. Вось на адным толькі камені ён заўважыў чарапашкі, борзьдзенька згроб іх, паклаў у кошык і ўжо быў накіраваўся ўверх, як заўважыў, що зрабілася цёмна, нібы нешта зьверху заступіла сьвет. Зірнуў — кіруецца да яго ўжо сапраўднае страшыдла, рыбіна мэтраў чатыры даўжыні з страшэнным ротам, пастаўленым неяк упоперак пад галавой, з вялікімі мігаючымі вачыма. У расчыненым роце відаць вялізарныя зубы. Гэта і быў той самы страшны вораг, акула, супроць якой і бралі людзі кінджалы.
Кінуўся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі... Жудасны крык, хруснулі косьці, а разам і кошык… Тубі загінуў…
Людзі з усіх бакоў сьпяшаліся на падмогу. Акула досыць нязграбная і няспрытная, людзі могуць з ёй справіцца. Не пасьпела яна павярнуцца, як некалькі кінжалаў прыбілі яе. Затрапяталася зьвяруга, нават аглушыла хвастом аднаго чалавека. Запенілася мора, але белая пена была афарбована крывёю акулы. Не прайшло ёй дарма гэта злачынства, загінула і яна. Пацягнулі яе да берагу, разрэзалі ёй горла і бруха і там знайшлі беднага Тубі з яго кошыкам. А ў кошыку некалькі чарапашак.
Разьбілі адну, раздушылі другую, а ў трэцяй знайшлі вялізны пякнюткі пэрль. Заблішчэлі вочы ў гаспадароў, пстрыкнулі яны пальцамі: — Во, гэта — рэч! Тысяч 50 будзе.
Стаіць, галосіць матка над кавалкамі свайго сына. Кляне свой лёс, які ўзяў ад яе мужа і сына.
Хмура глядзяць голыя людзі на бязьвінную ахвяру, слаўнага, спрытнага маленькага Тубі. Разьмякчэла нават і сэрца людзей у белых халатох. Ня гледзячы на тое, што Тубі працаваў толькі сем дзён, яны заплацілі матцы за ўвесь месяц і, апрача гэтага, дадалі яшчэ сто рупій.
Лёс пэрля ў Лёндане
Праз некалькі месяцаў у Лёндоне быў баль у міністра замежных спраў. Запрошаны былі такія паны, што на кожным з іх каштоўнасьцяй было ня менш, як на сто тысяч. Але-ж і сярод такіх багатыроў агульную ўвагу зьвярнула на сябе жонка нафтавага караля, лэдзі Сьміт.
Яна ўся зьзяла золатам і дыямэнтамі. Але больш за ўсё гэта вабіў да сябе вялізны дзіўны пэрль... — Пяцьдзесят тысяч каштуе! — шапталіся зайздросьлівыя паны.
Ня ведалі яны, што гэта не скамянелыя сьлёзы, а сьлёзы маленькага, голага, чорнага Тубі з востраву Цэйлёну.