Сябры (Васілевіч)
Вельмі кароткі змест
Лёня Саўчанка і Грыша Міхневіч вучыліся ў адным класе, жылі на адной кватэры ў мястэчку і лічыліся лепшымі сябрамі.
Аднойчы пасля кантрольнай па алгебры, дзе Лёня атрымаў пяцёрку, а Грыша — чацвёрку, хлопцы пасварыліся. Грыша абвінаваціў сябра ў спісванні. Калі яны ішлі дадому праз лес у завіруху, Грыша не стаў чакаць Лёню з хворай нагой і пайшоў наперад. Лёня заблукаў, збіўся з дарогі і трапіў на балота.
Лёня сядзеў пад стогам увесь мокры і скарчанелы. Здарылася якраз тое, чаго баяўся Ігнат: доўга блукаючы па балоце, хлопец праваліўся ў незамерзлую багну.
Бацька знайшоў Лёню і прывёз дадому, але хлопец захварэў на запаленне лёгкіх. Калі Лёня пачаў папраўляцца, да яго прыйшоў Грыша. Ён прынёс ліпавы мёд, расказаў, што атрымаў лупцоўку ад бацькі і сам прызнаўся настаўніку ў сваім учынку. Хлопцы памірыліся і зноў сталі сябрамі.
Падрабязны пераказ
Падзел пераказу на главы — ўмоўны.
Сяброўства і сварка
Лёня Саўчанка і Грыша Міхневіч былі неразлучнымі сябрамі. Яны вучыліся ў адным класе, сядзелі на адной парце і жылі на адной кватэры ў мястэчку.
У школе ўсе казалі, што іх і вадой не разальеш. I гэта сапраўды было так. Калі на вуліцы, гуляючы ў снежкі, Грыша адчуваў сябе пераможаным, то на дапамогу ён клікаў Лёню.
Лёня, які вучыўся слабей за Грышу, за дапамогай звяртаўся таксама толькі да сябра. Хлопцы часта дурэлі, браліся дужацца і намагаліся адзін аднаго перахітрыць, але гэта былі нязлосныя забавы. Сварка паміж імі адбылася зусім нечакана.
У суботу пасля раздачы кантрольных па алгебры амаль палова класа атрымалі пяцёркі, а Грышу Міхневічу, лепшаму вучню ўсёй школы, паставілі чацвёрку за адзін толькі прапушчаны знак. Пяцёрку атрымаў і Лёня Саўчанка.
Грыша Міхневіч, якому вучоба давалася без асаблівых цяжкасцей, меў у сваім характары адну дрэнную рысу. Ён быў упэўнены, што выдатныя адзнакі заслужана ўпрыгожваюць толькі яго дзённік.
Не могучы схаваць сваё расчараванне, Грыша ўзяў Лёнеў сшытак і голасна, каб пачуў настаўнік, сказаў:
Цікава выходзіць: хто спісваў, у таго пяцёрка, а хто сам рашаў... – А хто ў цябе спісваў? – загарэўся Лёня. – Ты спісваў,– з незалежным выглядам сказаў Грыша.
Лёня абураўся, што Грыша абвінавачвае яго ў спісванні. Настаўнік спыніў іх спрэчку, але пасля ўрокаў, калі хлопцы ішлі дадому ў суседнюю вёску, тая спрэчка адчулася зноў. Хлопцы спяшаліся завідна мінуць густы дрымучы лес, бо тыдзень назад Лёнеў бацька сустрэўся тут з воўчай зграяй.
Грыша ішоў наперадзе, Лёня, які летам упаў з грушы і зламаў нагу, накульгваў з палачкай ззаду. Ісці было цяжка, круціла і замятала дарогу мяцеліца.
Пошукі і ратунак Лёні
Калі Лёня папрасіў адпачыць, бо ў яго балела нага, Грыша не спыніўся і не аглядаўся. Ён буркнуў, што дома адпачне, і пайшоў далей. Лёня кінуў партфель на снег, сеў на яго і выпрастаў хворую нагу.
Раней, бывала, калі хто-небудзь з хлопцаў стамляўся ці напраўляў абутак, другі абавязкова чакаў яго, бо ведаў: лепшая надзея і дапамога ў дарозе – таварыш.
Як толькі адышла нага, Лёня ўстаў і рушыў далей. Постаць Грышы ўжо ледзь віднелася ўдалечыні, а хутка і зусім знікла. Хлопчык азірнуўся, і незразумела адкуль узяўся страх. Успомнілася воўчая зграя, ад якой ледзь уратаваўся бацька. Запалкі і смалякі засталіся ў Грышы ў партфелі.
Лёня хацеў дагнаць Грышу або гукнуць, каб пачакаў, але не зрабіў гэтага:
Хутчэй дагнаць яго! Або лепей гукнуць, каб пачакаў... Лёня паддаў кроку, але так і не гукнуў. навошта? Грыша будзе потым у школе нос задзіраць і ўсім хваліцца.
А Грыша ішоў сабе наперад, думаючы, што Лёня ідзе ззаду і не хоча гаварыць з ім. Зайшоўшы глыбей у лес, Грыша ўсё ж парашыў азірнуцца. Яму зрабілася страшна ісці лесам у такую завіруху аднаму. Ён пастаяў, пачакаў, але Лёні не было відаць.
Было так страшна, што ў Грышы не хапіла адвагі гукнуць, паклікаць сябра... Дзе ён падзеўся? Може, вярнуўся ў мястэчка, па кватэру? Трэба хутчэй бегчы дамоў.
І Грыша пабег. А Лёня, стомлены і пакрыўджаны, не заўважыў, як павярнуў направа, да балота, дзе стаялі стагі суседняга калгаса. Упоцемку лёгка было зблытаць дарогі.
У той вечар цётка Насця, Лёнева маці, прасявала на сіта муку, а бацька Ігнат сядзеў на зэдліку і падшываў валёнкі.
У сенцах пачуўся шоргат, і ўвайшла суседка. Яна паведаміла, што яе Грышка прыйшоў і кажа, што Лёня ў дарозе адстаў ад яго. Насця выпусціла з рук сіта, а Ігнат адразу ж апрануўся і паехаў шукаць сына.
Ігнат праехаў лес і, не сустрэўшы Лёню, падумаў, що хлопец збіўся з дарогі і пайшоў на балота. Ад гэтай думкі яму горача зрабілася: балота яшчэ добра не замерзла і мясцінамі правальвалася. Конь стаміўся, але Ігнат усё паганяў яго. Нарэшце ён пачуў тонкі голас сына, які адклікнуўся з цемры. Лёня сядзеў пад стогам увесь мокры і скарчанелы. Ён праваліўся ў незамерзлую багну і, ледзь выбраўшыся з яе, насілу дацягнуўся да стога.
Прабачэнне і аднаўленне сяброўства
Бацька скінуў з сябе кажух, захутаў у яго Лёню і хутчэй пагнаў каня дадому. Расцёрты гусіным салам і закручаны ў суконныя хусткі і коўдры, пад раніцу Лёня пачаў трэсціся ад холаду і трызніць. Пачыналася тое, чаго так цяжка было пазбегнуць: запаленне лёгкіх.
Неяк раніцай у нядзелю, калі Лёня ўжо ачуньваў, у сенцах пачулося нясмелае тупанне, і ўвайшоў Грыша Міхневіч. Збянтэжаны, з пакункам у руках, ён доўга абмятаў ля парога валёнкі. Лёнева маці сустрэла хлопца не вельмі ветліва, але Ігнат падбадзёрыў яго.
Грыша прынёс Лёню яблыкі і маленькі гладышык ліпавага мёду, які мама прыслала. Лёня глядзеў па Грышу шчаслівымі вачыма.
Бач, які ты зараз добры зрабіўся,– зноў не стрымалася Лёнева маці. Але бацька перабіў яе: – Што было, тое быллём парасло. Усё прайшло, і няма чаго перагаворваць.
Зразумеўшы, што ён памілаваны, Грыша перасеў на ложак да Лёні. Ён пахваліўся, што бацька даў яму лупцоўку, а класнаму ён сам усё расказаў пра тое, што адбылося. Хлопцы даўно не бачыліся, даўно не вучылі разам урокаў, не дурэлі. Лёня прапанаваў Грышу сесці бліжэй на ложак і пачаць з геаметрыі. Сяброўства было аднаўлена.