Алені (Пташнікаў)
Вельмі кароткі змест
Беларуская вёска, пасляваенны час. Сям'я ляснічага пераехала жыць у Бярэзавец - месца, дзе яны жылі да вайны.
Аднойчы ўвосень Ірка ўбачыла ў лесе чатырох аленяў - аднаго рагатага і трох без рагоў. Яна пачала падкормліваць іх каля стога сена, які бацька паставіў для будучай цяліцы. Алені прывыклі да дзяўчынкі і бралі ежу з яе рук.
Аднаго дня Ірка вярнулася дадому і ўбачыла за сталом бацьку з суседам, якія елі мяса. Яна здагадалася, што забілі аленя, і адмовілася есці. На наступны дзень дзяўчынка ўбачыла толькі трох аленяў без рагатага. У моцны мароз яна адправілася іх шукаць, прайшла на лыжах вялікую адлегласць.
Па полі пабеглі зялёныя алені... Ірка ўпала на снег... Усю ноч Ірка кідалася спрасоння, блузніла - гарачая, не падступіцца, - і клікала сваіх аленяў.
Бацька знайшоў дачку ў снезе і прынёс дадому. У Іркі пачалося запаленне лёгкіх. Назаўтра бацька пабег у вёску па доктара.
Падрабязны пераказ
Падзел пераказу на часткі – умоўны.
Восень у Бярэзаўцы
Пасля пераезду ў Бярэзавец Ірка заўважыла, што прыйшла восень. Бярэзавец знаходзіўся за паўтара кіламетра ад вёскі, ля ракі Бярэзаўкі, дзе пачыналася пушча Палік. Да вайны яны жылі тут, пасля пераехалі ў вёску, а цяпер зноў вярнуліся.
Ірка любіла восень. Можа, таму, што ў Бярэзаўцы тады было ціха-ціха. Цішыня плыла недзе адтуль, з Паліка, з пушчы, плыла ракою, гэткай жа ціхай, як і сам Бярэзавец.
У вайну з Бярэзаўца разбегліся алені і ласі. Бацька казаў, што яны пайшлі Віліёй далёка, аж у Аўгустоўскія лясы, дзе не было гэтулькі партызанскіх лагераў і блакад.
У вайну немцы спалілі іх хату, застаўся толькі недабудаваны хлеў. З яго бацька зрабіў новую хату з чатырма вокнамі, якія прывёз з заставы на Высокім Беразе. Ірка любіла назіраць праз акно за лугам ля Бярэзаўкі і Старымі Вольхамі.
Ірка не любіць ні леспрамгасаўцаў з піламі, ні іхніх машын з прычэпамі і печамі... Не было б машын - не рэзалі б гэтулькі лесу.
Першая сустрэча з аленямі
Аднойчы, збіраючы грыбы, Ірка ўбачыла чатырох аленяў. Яны ішлі адзін за адным да ракі і не баяліся яе.
Рагаты быў сівы і ў чорныя латы. Вялікі і прыгожы, ён дыбаў, задзёршы галаву. Рогі ў яго ляжалі аж на спіне, як загнуты абруч на вялікі кошык.
З таго часу Ірка пачала падкормліваць аленяў. Яны прыходзілі да стажка з сенам кожны вечар. Рагаты браў ежу з яе рук і дазваляў сябе гладзіць. Дзяўчынка нікому не расказвала пра сваіх сяброў.
Знікненне аленяў і пошукі
Аднойчы алені не прыйшлі да стажка. Ірка вярнулася дамоў і ўбачыла, што маці гатуе мяса. За сталом сядзелі яе бацька і Язэп з вёскі.
А скуру ты, Андрэй, - пад лёд. Пад лёд яе, сам ведаеш, усё бывае... Язэп, праз цябе, Язэп. І ты ведаеш, чым гэта пахне. Адзін бы я... ніколі ў свеце.
Зімовая трагедыя
Зімой Ірка ўбачыла трох аленяў без рагатага. Яна пабегла за імі на лыжах, спадзеючыся вярнуць іх у Бярэзавец.
Ёй хацелася плакаць, хацелася вярнуцца дамоў... Алені беглі адзін за адным, як і кожны вечар. Яе алені. Дзе ж рагаты?
Ад доўгага бегу і моцнага марозу Ірка страціла прытомнасць. Яе знайшоў бацька і прынёс дадому. У дзяўчынкі было запаленне лёгкіх. Усю ноч яна клікала сваіх аленяў у трызненні.